
 
Добрый совет от “Вечерки”: обратите внимание на эти маленькие рассказы. Вчитайтесь, вслушайтесь в голос автора. Честное слово, не пожалеете... 
...Але вопыт ёсць!
У тралейбусе п’яны дзяцюк лезе з размовамi — то да аднаго, то да другога i спыняецца, нарэшце, на дзiцяцi. Пытае ў малечы, як завуць, колькi гадкоў, з кiм жыве. Дзяўчо паслухмяна адказвае: “Даша...”, “Чатыi...”, “З мамай...” 
— А таткi няма? — цiкавiцца дзяцюк. 
— Не-а, — круцiць галавой дзяўчынка. 
— Дык, можа, я iм пабуду? — хiтра падмiргвае мужык. 
Малая ўздымае вочы на мацi, потым — на “кандыдата” ў бацькi i моршчыць маленькi нос: 
— Не-а... Не т’еба... У нас такi ўжо быў. 
Чалавек з’явiўся!
Перад Калядамi Пятроўна пазванiла, гора было: унук яе, першанькi, 18-гадовы студэнт унiверсiтэта, прыгажун, спартовец, жанiцца надумаў. Ды з кiм? Дзiця горкае. У дзесяты клас яшчэ ходзiць. I цяжарная ўжо. 
...Нядаўна бабуля “знайшлася” зноў. “Зашчабятала”: 
— Ну, павiншуйце ж мяне! Праўнучак!.. Тры семсот! I харошы такi, здаровенькi! 
...Гора — як не было. 
I няхай не будзе! 
Тутэйшая
Цырульня. Чарга (перад святам). Але ж нам, як кажуць, чакаць не прывыкаць. Сяджу... Бачу ў блiзкiм крэсле жанчыну... Дзiўная... Твар — як бурак... Чырвоны. I дыхае неяк цяжка... 
Першай на дапамогу ёй кiдаецца майстрыха: дрыжачымi ад страху рукамi развязвае зацягнутую на шыi накiдку. 
— Ай-ё-е-чкi, — лапоча, — я ж вас зусiм задушыла. Што ж вы маўчыце? 
— Ды, д-думаю, ст-рыжка ж — не “хiмiя”, гэта нядоўга. Можа, як i дацярплю? 
...Тутэйшая, праўда? 
Жывём сяк-так...
Сцяпанавiча даўно не бачыла... Засыпаю пытаннямi пра справы, жыццё. Той цяжка ўздыхае. Расказвае пра сям’ю, дзяцей, пра сваю работу. 
Ён прарабам працуе. У калгасе. Некалi на матацыкле аб’екты аб’язджаў. Зараз — пешшу абходзiць. Бо ён (у сэнсе — аб’ект) ледзь не адзiн i... вечны — дом “прысядацелю”. Гэты заселiцца — новага прышлюць i так да... 
Мы не ведаем дакуль. 
У Коласа нядаўна прачытала: “Жывём сяк-так, i можна б жыць, калi б не тое безгалоўе, што над табой, як ноч, вiсiць”. 
Акаянныя днi
Лiдка нарадзiлася ў вёсцы i гадоў да дзесяцi там жыла. Потым бацька падрос па службе, перавёз сям’ю ў сталiцу. 
Зараз у яе тут свая сям’я. I свая кватэра. А ў вёсцы яны дом купiлi. Пасадзiлi сад, летам часта бываюць. 
Зараз, зiмой, гэтак жа часта тэлефануюць. 
— Ну, як там? — пытаюць. — Цi ўсе жывыя? 
— Усе! — суцешыў сусед на Каляды. — Няма каму тут... не жыць, нi памiраць. 
“Бутэлька — вышэй!”
“Мама, мы наўчылiся працаваць з пластылiнам. Я зляпiў грушу, пасадзiў пад ёй цябе, тату i дзядзьку Юзiка. Як адзначалi Першамай, — пiсаў дадому 10-гадовы хлопчык, мацi якога пазбавiлi бацькоўскiх правоў. — А яшчэ я зрабiў бутылку i стакан. Ды настаўнiца з мяне пасмяялася, што бутылка выйшла большай, вышэйшай за чалавекаў. Яна сказала, што так не бывае”. 
...Маладая, вiдаць, тая настаўнiца: новенькая ў школе-iнтэрнаце. 
Старэйшыя добра ведаюць, што так бывае. I бывае, на жаль, вельмi часта. 
Дзiця рэкламы
Данiк (моднае зараз iмя) вырас у памперсах. Зараз яму тры з паловай. Свет пазнае, ахвотна iдзе да людзей. Тым больш — да мамiнай сяброўкi. У яе — вялiкая капа рыжых валасоў, доўгiя рознакаляровыя пацеркi. Малы тузае — перабiрае iх на поўных, прыгожа аголеных загарэлых грудзях i пытае (даруйце!): 
— Папа, а это что — попа? 
Бацька (хаваючы ўсмешку): 
— Нет. Но тоже место хорошее. 
Прыкмета часу
У бальнiчнай палаце iх трое: яры прыхiльнiк прэзiдэнта, такi ж апазiцыянер i вялiкi, змучаны хваробай дзед. Гадзiны не праходзiць, каб маладыя не счапiлiся ў спрэчцы. Стары — маўчыць (трывае), потым — звешвае з ложка худыя босыя ногi i напрамiлы бог просiць: 
— Хлопцы, ну давайце лепей пра дзевак? 
...Факт: пра дзевак им нецiкава. 
Як адно iмгненне
Пакупка ў хаце — новенькi будзiльнiк. Пяцiгадовая Палiнка разглядае цыферблат, удакладняе: 
— Малая стрэлачка для гадзiн, так? Вялiкая — для хвiлiн?.. 
Пакуль распытвала, далёка ўцякла стрэлка для секунд. 
— Ой, як хутка iдзе жыццё! — заўважае дзiця. 
Мы з iм не спрачаемся. Хоць i падмывае... сказаць, што iдзе яно быццам бы марудна. А вось праходзiць...

|