| ||
"Пойдзем у Бэтлеем i паглядзiм, што там сталася" (Лк 2, 15) "А Слова сталася целам i пасялiлася мiж намi" (Ян 1, 14) ![]() Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння нашыя вочы, нашыя вушы, нашыя сэрцы скiраваны да Бэтлеема, да стайнi, да ясляў, бо мы жадаем нанава перажыць збаўчую таямнiцу ўцелаўлення Божага Сына. У гэтую святую Бэтлеемскую Ноч адбылася доўгачаканая сустрэча чалавека з Богам. Для таго, каб належным чынам зразумець i адпаведна ацанiць гэтую сустрэчу, неабходна вярнуцца да часу стварэння чалавека, калi Творца пасялiў яго ў раi, дзе чалавек мог не толькi сустракацца з Богам, але i бачыць Яго твар у твар. На жаль, гэты благаслаўлёны час сустрэчы чалавека з Богам працягваўся не вельмi доўга. Па нашэптваннi д'ябла чалавек парушыў Божую забарону пазнання дабра i зла i, у якасцi пакарання, быў выгнаны з раю, такiм чынам страцiўшы прывiлей сустракацца з Богам i непасрэдна прабываць з iм. Для чалавека распачалiся доўгiя гады, цэлыя стагоддзi зямнога жыцця ў аддаленасцi ад Бога -- усемагутнага Творцы, магутнага Валадара, суровага Пана. Праўда, за дабро, за змену да лепшага Бог быў лiтасцiвы да чалавека i прабачаў яго, благаславiў яму, але за новыя адступленнi, за грахi iзноў сурова караў. Але ж у сэрцы чалавека пастаянна жыла туга па сустрэчы з Богам, па прабываннi з iм. Аднак калi чалавек усё больш аддаляўся ад Бога, калi замест пашаны адзiнага, сапраўднага Творцы чалавек аддаваўся iдалапаклонству, Бог у сваёй адвечнай дабрынi i любовi да сваiх стварэнняў вырашыў спаслаць на зямлю свайго Сына, каб адкупiць чалавечы род, каб навярнуць людзей да сапраўднай веры, каб прымiрыцца з чалавекам. "Шмат разоў i па-рознаму прамаўляў калiсьцi Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнiя днi прамовiў да нас праз Сына" (Гбр 1, 1-2). "Так палюбiў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзiнароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае" (Ян 3, 16). I вось дзве тысячы гадоў таму назад "Слова сталася целам i пасялiлася мiж намi" (Ян 1, 14). Якiм жа дзiўным было прыйсце на зямлю Сына Божага, гэтая сустрэча Бога з чалавекам! Здавалася б, што Сыну Божаму больш пасавала б нарадзiцца ў царскiм палацы, а пазней -- прыняць уладу i Божай моцай наладзiць ва ўсiм свеце парадак, угрунтаваны на Божым праве. Аднак Бог абраў цалкам iншы спосаб прыйсця на зямлю. Святы Лука вельмi сцiсла апiсвае гэтую найвялiкшую з падзей, якiя калi-небудзь адбывалiся на зямлi: "... надышоў час нарадзiць Ёй. i нарадзiла Сына свайго першароднага, i спавiла Яго, i паклала ў яслi, бо не было iм месца ў заездзе" (Лк 2, 6-7). Сярод тых, хто акружаў Дзiцятка Езуса ў бэтлеемскай стайнi, не было магутных гэтага свету, а былi толькi пакорная Марыя, убогi Юзаф, некалькi наёмных пастухоў i пара жывёлiнаў. А нованароджаны Сын Божыi Ён ляжаў у яслях, бездапаможна варушыў ручкамi, чакаў матчынага малака i час ад часу плакаў ад холаду. Толькi спеў анёлаў "дакументаваў" таямнiцу прыйсця Божага Сына на зямлю. Так выглядала сустрэча Бога з чалавекам. Таямнiца Божага Нараджэння ў сваiм глыбокiм вымярэннi з'яўляецца надзвычайнай сустрэчай чалавека з Богам i Бога з чалавекам на працягу гiсторыi чалавецтва. У Бэтлееме Юдэйскiм распачалася найпрыгажэйшая гiсторыя перакрыжавання шляхоў Бога i чалавека: стары свет граху i новы свет ласкi, любоў i прымiрэнне дасягаюць найбольшай блiзкасцi, што адкрывае новую перспектыву гiсторыi чалавека i свету. Бог увайшоў у гiсторыю чалавецтва, у бiяграфiю кожнага чалавека, каб выбавiць нас з няволi граху, каб мы нанава "ад Бога нарадзiлiся" (пар. Ян 1, 13), сталiся братамi Яго Сына i Яго ўсыноўленымi дзецьмi. У Бэтлееме сустракаюцца вялiкая любоў Бога i шчырая вера чалавека. Праз бэтлеемскую стайню Бог спяшаецца да людзей, а людзi вандруюць да Яго. Божы Сын стаў блiзкi чалавеку, пасялiўся мiж людзей: Ён з iмi, сярод iх i для iх. Там, у стайнi, да Яго працягнулiся шматлiкiя рукi. I найбольш чулыя рукi Мацi, i поўныя клопату рукi Юзафа, i спрацаваныя рукi пастухоў, i добразычлiвыя рукi, якiя перанеслi Божае Дзiцятка з ясляў у дом, i рукi вучоных Мудрацоў з Усходу. Але да Дзiцяцi працягнулiся таксама i рукi нянавiсцi, забруджаныя крывёю забiтых бэтлеемскiх немаўлят. Гэтая Бэтлеемская Ноч сталася сапраўды ноччу чалавечых рук, працягнутых да Бога. Праз трыццаць гадоў скрытага жыцця ў Назарэце Божы Сын Езус Хрыстус распачаў сваю публiчную збаўчую дзейнасць. У нястомных сустрэчах з людзьмi на працягу трох гадоў Ён абвяшчаў Добрую Навiну любовi да Бога i блiжняга, чынiў шматлiкiя цуды i ахвяраваў сябе ажно да смерцi -- крыжовай смерцi -- дзеля адкуплення чалавечага роду i прымiрэння людзей з Богам. Пасля свайго ўваскрасення i ўнебаўшэсця, верны свайму абяцанню -- "не пакiну вас сiротамi" (пар. Ян 14, 18), "i вось Я з вамi ва ўсе днi аж да сканчэння веку" (пар. Мц 28, 20), -- Езус застаўся ў сваiм Касцёле -- Яго Мiстычным Целе, -- якi атрымаў дары Духа Святога, каб у сустрэчах з людзьмi ў святых сакрамэнтах весцi iх да свайго вечнага Валадарства. На Апошняй Вячэры, калi Езус устанавiў Боскую Эўхарыстыю, Ён даў людзям магчымасць штодзённа сустракацца з iм праз удзел у святой iмшы -- аднаўленнi Яго крыжовай Ахвяры -- праз прыняцце Яго Цела i Крывi ў постацях хлеба i вiна, духоўнага спажытку для душы, праз наведванне i адараванне Яго ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, у табэрнакулюме -- жывой Эўхарыстычнай Стаенцы. Неабходна часта i доўга заставацца на каленях перад Езусам Хрыстом, утоеным у Эўхарыстыi, каб належным чынам ушаноўваць Яго, каб дзякаваць Яму за атрыманыя ласкi, каб перапрашаць за ўчыненыя знявагi, каб прасiць Яго аб благаслаўленнi. I так, пачынаючы ад Бэтлеемскай Ночы, на працягу дзвюх тысяч гадоў ажно да канца гiсторыi чалавецтва пастаянна i няспынна адбываюцца сустрэчы Бога з чалавекам i чалавека з Богам. Якiя ж невымоўныя дабрыня, мiласэрнасць i любоў Бога ў адносiнах да людзей! Пастаянныя сустрэчы з Богам даюць чалавеку магчымасць прабываць з iм ужо ў гэтым зямным жыццi i тым самым гарантуюць атрыманне прывiлею вечнага прабывання з Богам у Нябесным Валадарстве. З найлепшымi святочнымi пажаданнямi i пастырскiм благаслаўленнем Кардынал Казiмiр Свёнтэк, Арцыбiскуп Мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi, Адмiнiстратар Пiнскай дыяцэзii. Photo.ByMedia.net
|